Канцэртная зала «Верхні горад»
Гiсторыя будынка | Арган | Фотаздымкi
Папярэдні будынак з’яўляўся ўніяцкай царквой, якая была пабудавана ў першай палове XVII стагоддзя. Царква выкарыстоўвалася супольна двума манастырамі ордэна базыліянаў: мужчынскім і жаночым, што было рэдкай практыкай у сакральным дойлідстве. У 1795 годзе будынак перададзены Праваслаўнай царкве. Пасля пажару 1836 года яна была перабудавана ў псеўдарускім стылі (1846-1850 гг.). Царква была зачынена ў 1930 годзе, а ў 1936 – узарвана. У 2009-2011 гадах будынак царквы быў адноўлены ў тым выглядзе, які ён меў у сярэдзіне XVII стагоддзя, у якасці канцэртнай залы. За аснову былі ўзяты абмеры 1843 года. Першапачаткова планавалася набыць у будынак новы арган, але на гэта не хапіла грошаў. Наверх
У 2015 годзе ў Канцэртную залу «Верхні горад» па рашэнні Мінгарвыканкама быў перавезены арган, які на працягу прыкладна 40 гадоў знаходзіўся ў дзіцячай музычнай школе №2 г. Мінска.
Гісторыя з’яўлення інструмента ў ДМШ №2 ахінута таямніцай. Вядома, што ў 1970-я гады з аднаго ці двух зачыненых касцёлаў намаганнямі супрацоўнікаў школы былі вывезены адзін ці два аргана, з якіх быў складзены інструмент, які хутка прыйшоў у заняпад і дзесяткі гадоў стаяў на сцэне ў школе. Аналіз частак інструмента паказвае, што ён быў складзены з некалькіх арганаў.
На кафедры змешчана фірменная шыльда віленскай фабрыкі В. Бярнацкага, унутры алоўкам пазначана дата 20.09.1912. Кафедра разлічана на 15 рэгістраў, тыповых для арганаў В. Бярнацкага.
Праспект аргана, якi захаваўся, уяўляе сабой прыкладна палову ад першапачатковага праспекта, але без верхняй і ніжняй частак. Магчыма, арган абапіраўся на парэнчы хораў, і яго праспект адразу будаваўся без ніжняй часткі. Рэшткі праспекта маюць вялікае падабенства да рэнесанснага праекта №25 з каталога фірмы August Laukhuff 1892 года, які карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод арганабудаўнікоў. Вядома каля 30 арганаў, пабудаваных па гэтым праекце рознымі арганабудаўнічымі фірмамі ў Германіі, Польшчы, Літве, Славеніі і Венгрыі.
Віндлады маюць большы дыяпазон (C-a’’’), чым кафедра (C-f’’’) і пабудаваныя на большую колькасць рэгістраў – 21. Захавалася больш за палову трубаў 15 рэгістраў, паіменаваных на кафедры. Апрача гэтага на трубах рэгістра Violonbas захаваўся надпіс «Wołożyn W.K. 44» – пазнака фабрыкі Владыслава Камінскага, якая існавала ў міжваенны час ( 1927-1939гг.). Надпiс «Wołożyn» азначае самую блiзкую да пункта прызначэння чыгуначную станцыю. Па такiм жа прынцыпе нанесена маркіроўка на трубы фарнага касцёла ў Навагрудку. Сярод падпісаных на віндладах рэгістраў прысутнiчае лабіяльны Klarinet, які ў Беларусі сустракаецца яшчэ ў двух арганах В. Бярнацкага (гродзенская Катэдра i Адэльск), i таксама ёсць у абодвух вядомых арганах братоў Камінскіх.
На базе гэтага інструмента пачалася пабудова канцэртнага аргана. Ініцыятарам пераноса аргана і фундатарам яго рэканструкцыі і разбудовы з’яўляецца бізнэсовец Юрый Зіссер. Гэта выключны для Беларусі прыклад пабудовы грамадскага канцэртнага аргана на прыватныя сродкі.