Дамінік Бярнацкі (Dominik Biernacki, 1870–1928) з’яўляецца самым вядомым вытворцай арганаў у Польшчы першай паловы XX стагоддзя. Ён нарадзіўся ў сям’і арганабудаўніка Эрнста Хуго Бярнацкага (Ernst Hugo Biernacki, 1830–1884), які працаваў у Осеку[2]. Даследчыкі лічаць, што рана асірацеўшы Дамінік Бярнацкі мог вучыцца арганабудаўніцтву на фабрыцы Вацлава Пшыбіловіча (Julian Wacław Przybyłowicz) у Плоцку[3]. Прыкладна ў 1896 годзе ён адкрывае ўласную фабрыку ў Добжыню над Віслай[4], але ў сваёй рэкламе 1897 года ён піша пра 38-гадовую традыцыю арганабудаўніцтва, далучаючы да яе дзейнасць свайго бацькі, які пачаў самастойную працу ў 1860-я гады. У 1899 годзе Дамінік Бярнацкі набыў фабрыку ў Вацлава Пшыбіловіча ў Плоцку і далей у сваёй рэкламе падае ўжо 1848 год, як пачатак сваёй дзейнасці, што адпавядае пачатку самастойнай дзейнасці Вацлава Пшыбіловіча. Філіял у Плоцку праіснаваў нядоўга – да 1902 года. У 1905 годзе Дамінік Бярнацкі адкрыў філіял сваёй фабрыкі на Валыні ў Луцку[5], якім стаў кіраваць яго малодшы брат Вацлаў Бярнацкі (WacławBiernacki, 1878–1954). Даследчыкі лічыць, што Вацлаў Бярнацкі вучыўся арганабудаўніцтву на прадпрыемстве свайго старэйшага брата і/альбо ў Львоўскага майстра Яна Слівінскага (1844–1903). У 1907 годзе паміж братамі здарыўся вялікі канфлікт, які прывёў да закрыцця Луцкага філіяла, адкрыцця Вацлавам Бярнацкім сваёй фабрыкі ў Вільні і жорсткай канкурэнцыі паміж братамі. У сваіх каталогах Вацлаў Бярнацкі нідзе не узгадваў фабрыку брата, не заўважаў, што гэта існуючая фабрыка Дамініка успадкаёміла вытворчасць В. Пшыбіловіча, а падаваў 1848 год, як пачатак дзейнасці менавіта яго фабрыкі. Дамінік у сваіх каталогах нічога не пісаў пра існаваўшы пэўны час філіял у Луцку і фабрыку Вацлава. Адзін брат стараўся будаваць арганы на тэрыторыі ўплыву другога: так Дамінік збудаваў шэраг арганаў каля Вільні, а Вацлаў актыўна прасоўваўся на польскі арганабудаўнічы рынак, які адкрыўся для яго пасля Першай сусветнай вайны.
Фабрыка Дамініка Бярнацкага стала найбуйнейшай фабрыкай у Польшчы, дзе арганы вырабляліся з прамысловым падыходам. На яго фабрыцы працавала да 30 чалавек, меўся паравы рухавік на 8 конскіх сіл[6]. Ён першы у Польшчы (у 1908 годзе) пачаў эксперыменты з пнеўматычный трактурай, набываючы пнеўматычныя кафедры на фірме August Laukhuff. Арганы яго фабрыкі пастаўляліся па усім абшары еўрапескай часткі Расійскай Імперыі. Яго арган стаяў у рэзідэнцыі Расійскага Імператара ў Царскім Сяле[7] за што (верагодна) ён атрымаў тытул «Поставщик Двора Его Императорского Величества». На тэрыторыі Беларусі, акрамя захаваўшагася аргана ў Трабах, да 1908 года ім былі пабудаваны арганы ў Клецку і Гомелі. У 1914 годзе Дамінік Бярнацкі перанёс сваю фабрыку ў Улацлавак[8]. Пасля смерці Дамініка Бярнацкага ў 1928 годзе яго фабрыка перайшла да яго сыноў Вацлава II (1901–1954) і Дамініка II (1906–1970). Браты адмовіліся супрацоўнічаць з фабрыкай Вацлава Бярнацкага і хутка, у 1931 годзе, прадпрыемства праз агульны эканамічны спад прыйшло ў заняпад. Яго выкупіў зяць Дамініка Бярнацкага – Стэфан Трушчынскі (Stefan Truszczyński, 1892–1966) у 1935 годзе. Фабрыка праіснавала да 1940 года, пакуль не была ліквідавана нямецкімі акупацыйнымі уладамі.
Фабрыка Вацлава Бярнацкага стала найбуйнейшай арганнай вытворчасцю на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края Расійскай Імперый. У 1919 годзе Вацлаў Бярнацкі заснаваў філіял у Варшаве і яго прадпрыемтсва атрымала назву Fabryka Organów Wacław Biernacki. Warszawa – Wilno. Пасля Першай сусветнай вайны Віленскай фабрыкай кіраваў яго пляменнік Раман Трушчынскі (Roman Truszczyński), чый аўтограф захаваўся ў аргане ў Трабах. У 1934 годзе ў партнёрства фабрыкай увайшоў Вацлаў II. У 1938 годзе Вацлавам Бярнацкім была выкуплена збанкроціўшаяся фабрыка Adolf Homan i Stanisław Jezierski. У Другую сусветную вайну ўсе прадпрыемствы былі знішчаны. Пасля вайны Вацлаў Бярнацкі адрадзіў прадпрыемства ў Кракаве, а Вацлаў II у Варшаве. Пасля смерці Вацлава Бярнацкага ў 1954 годзе яго фабрыкай кіраваў Уладзімір Трушчынскі (сын Стэфана Трушчынскі), які выкупіў яе ў 1965 годзе і будаваў арганы пад сваім імем. Варшаўская фабрыка Вацлава II у 1960 годзе перайшла да Дамініка II, а пасля яго смерці ў 1970 годзе – да яго сястры Аляксандры (Aleksandra Biernacka-Grandys). Абедзве фабрыкі спынілі існаванне ў 1990-х гадах. За час свайго існавання фабрыка Вацлава Бярнацкага пабудавала сотні арганаў.
Арганы, звязаныя з майстрамi: