Старыя Васілішкі

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла

Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць

Гiсторыя касцёлаАрхiўныя звесткi | Арган | Фотаздымкi

10/I
невядомы майстар, апошняя трэць XVIII – пач. XIX ст. (1770-я ?)
Manual (C-с’’’)
[Salcinal] `
[Flet Major] 8` *
[Qwintadena] 8` *
[Principal] 4` **
[Flet Minor] 4` *
[Jula] 4`
[Qwinta] 3` *
[Oktawa] 2` *
[Flasznet] 2` *
[Mixtura] 3f *
Tympani, Zymbelstern
Механічная ігравая і рэгістравая трактура, шляйфлада
Складчаты мех, ручная калькацыя (карамысла), самаробны матор у вежы касцёла

* – рэгістры адсутнічаюць разам са штокам
** – трубы рэгістра Principal 4` змешчаны на фасадзе

Каталіцкая парафія ў Старых Васілішках была заснавана ў  XV стагоддзі па фундацыі вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка (1427-1492). Сучасны касцёл пабудаваны ў 1897-1903 гадах па праекце Канстанціна Вайцяхоўскага.   Наверх

Упершыню наяўнасць аргана ў Старых Васілішках адзначаецца ў інвентары 1721 года – гэта быў арган на 7 рэгістраў. У інвентары 1782 года занатаваны звесткі пра «зусім сапсаваны пазітыў». Больш звестак пра арган у Старых Васілішках з XVIII і XIX стагоддзяў не знойдзена.   Наверх

Для сучаснага аргана дакладна невядомы ні час пабудовы ні яго аўтар. Арган мае дыяпазон (C-с’’’), характэрны для інструментаў сярэдзіны – трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя. Яго праспект мае распаўсюджаны тып: дзве высокія гранёныя бакавыя вежы і меншая трохкутная, з секцыямі паміж імі. Арганы з такім тыпам праспекта будаваліся на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага з 1760-х па 1830-я гады. Адзінай ускоснай падказкай даты пабудовы з’яўляецца адзінае захаваўшаеся аздабленне аргана – цэнтральная кансоль, якая выканана ў тэхніцы глыбокага разбення, якая характэрна для трэцяй чвэрці XVIII стагоддзя.

Арган у Старых Васілішках першапачаткова быў пабудаваны для касцёла кляштара дамініканцаў у суседняй вёсцы Васілішкі. Гэты касцёл быў пабудаваны ў 1769 годзе і кансэкраваны ў 1790 годзе (гл. артыкул Васілішкі). Па інвентары 1861 года ў ім адзначаецца наяўнасць аргана «на 12 галасоў»[1]. Вядома, што пасля пераўтварэння гэтага касцёла ў праваслаўную царкву ў 1867 годзе маёмасць Васілішкаўскага касцёла была перанесена ў драўляны касцёл у Старых Васілішках. Пасля пабудовы на пачатку XX стагоддзя вялікага новага касцёла ў Старых Васілішках, са старога драўлянага касцёла ў яго быў перанесены гэты арган. Пасля вяртання Васілішкаўскага касцёла Каталіцкай царкве ў 1919 годзе, у 1920 годзе распачалася справа па вяртанні касцёльнай маёмасці са Старых Васілішак. У выніку доўгай дыскусіі і ўмяшальніцтва дыяцэзіяльнай курыі частка маёмасці была вернута, але не ўся, у тым ліку не быў вернуты арган. Гэта, дарэчы, адыграла значную ролю ў яго захаванні, бо пасля Другой сусветнай вайны касцёл у Васілішках быў зноў зачынены і ператвораны ў склад. На 1927 год у інвентары касцёла ў Старых Васілішках адзначаецца дрэнны стан аргана.   Наверх

У 1953 годзе касцёл быў зачынены, але маёмасць яго ніхто не крануў. У 1970-я гады у касцёл забраліся падлеткі з размешчанага недалёка дзіцячага дома. Ім уявілася, што у аргане можа быць схавана золата і у яго пошуках яны пераламалі большую частку труб і механізмаў аргана. З цягам часу ён пакрыўся брудам, і у ім на пэўны час звілі гняздо  крымкачы. У аргане захавалася гістарычныя механіка і каля 80% труб. Арган прастаяў у такім выглядзе да 2013 года. Па ініцыятыве апякунскага савета музея Чэслава Немана у 2013 годзе распачалася яго рэстаўрацыя, якая зацягнулася і ня скончана да гэтага часу, большая частка трубаў са штокамі вывезены з касцёла.

Зыходзячы з дыяпазона клавіятуры, тэхнікі разбення кансолі, даты пабудовы касцёла у Васілішках, праўдападобным падаецца, што інструмент быў пабудаваны прыкладна у 1770-я гады.

[1] у разглядаемым аргане было 10 рэгістраў і 2 эффекты (Tympani і Zymbelstern), што разам магло быць занатавана як «12 галасоў» (па колькасці ручак на кафедры)

Наверх

 

Звесткі аб 124 арганах, існуючых на тэрыторыі Беларусі