Крукоўскi Станіслаў 

Krukowski Stanislaw

Фірма St. Krukowski і Syn знаходзілася ў былым губернскім горадзе Пётркаве Трыбунальскім[22]. Станіслаў Крукоўскі разам са сваім братам Эдвардам вучыўся на фірме Леапольда Бломберга. Самастойную працу Станіслаў Крукоўскі распачаў у Варшаве, а ў 1882 годзе асеў у Пётркаве Трыбунальскім[23]. Прычынай перасялення з Варшавы стаў канфлікт з Леапольдам Бломбергам за падзел арганабудаўнічага рынку. У Пётркаве C. Крукоўскі далучаецца да фірмы Канстанціна Мешчанкоўскага (Konstanty Mieszczankowski), але канфлікт паміж партнёрамі ў 1885 годзе прывёў да раздзялення прадпрыемстваў і заснавання Ст. Крукоўскім уласнай фабрыкі. У 1912 годзе яго прадпрыемтсва згарэла і ў 1913 годзе ён набывае ў Пётркаве дом (Dąbrowskiego 6), у якім яго прадпрыемства праіснавала аж да свайго трагічнага канца. Да Першай сусветнай вайны ён пабудаваў 67 арганаў. З 1920 года кіраваць фабрыкай пачынае сын Станіслава – Стэфан. У міжваенны час яго фабрыка пабудавала каля 58 арганаў. Станіслаў Крукоўскі памёр у 1934 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны фабрыка працягвала працаваць з вялікімі цяжкасцямі ў рэаліях Польскай Народнай Рэспублікі, бо з’яўлялася «варожым» элементам сацыялістычнай эканомікі, і змагла пабудаваць 22 аргана. 28 мая 1963 года Стэфан Крукоўскі атрымаў звестку, што на яго фабрыку накладзены дадатковы дзяржаўны падатак у пагібельным для прадпрыемства памеры. Узрушаны гэтай навінай Стэфан Крукоўскі ўпаў і памёр ад сардэчнага прыступу. За кошт неаплачанага падатку дзяржава канфіскавала памяшканні прадпрыемства, і сын Крукоўскага не змог працягнуць сямейную справу. Так фабрыка загінула разам са сваім кіраўніком. Па-за межамі сучаснай Польшчы захаваліся толькі 3 аргана гэтай фабрыкі: два ў Беларусі (Гудагай і Даўгінава) і адзін у Літве (Гадуцішкі[24]).

Арганы, звязаныя з майстрам:

Гудагай

Даўгінава

Радунь

 

Звесткі аб 124 арганах, існуючых на тэрыторыі Беларусі