Шэметава

Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі

Мінская вобласць, Мядзельскі раён

Гiсторыя касцёла | Арган | Фотаздымкi

10/II/P

Jan Garalewicz (Kowno), 1904

I Manual (C-f’’’)
[Principal 8`]
Lieblich Gedackt 8`
[Trav. Flöte 8`]
Vox Ceolestis 8` *
[Octave 4`]
[Mixtur 1-2 ch.] **
II Manual (C-f’’’)
[Aeoline 8`]
[Flauto dolce 8`] ***
[Viola di Gambe 8`]
Pedal (C-d’)
Subbas 16`
I/Ped, II/I
Механічныя ігравая і рэгістравая трактура. Шляйфлада ў мануалах, кегельлада ў педалі.
Складчаты мех, ручны механізм калькацыі (карамысла), сігнал каліканту.

* –c-f’’’. У вялікай актаве трансмісія ў Principal 8`
** – 2 2/3`+2`
*** – c-f’’’

У 1697 годзе ваявода мінскі Крыштаф Зяновіч (?–1717) зафундаваў у Засвіры кляштар кармелітаў і абавязаў іх абслугоўваць філіяльны касцёл у Шэметава. У 1810 годзе на яго месцы па фундацыі мінскага губернатара Казіміра Сулістроўскага (1778-1818) пабудаваны новы драўляны касцёл. У 1816 годзе ім пабудавана мураваная капліца, фамільні склеп Сулістроўскіх. У 1832 годзе засвірскі кляштар быў скасаваны, а касцёл праз некалькі гадоў разабраны. У 1902 годзе Баляслаў Скірмунт перабудоўвае капліцу ў касцёл.   Наверх

На радзіме Пятра Міхайлавіча Шастаковіча (1808-1871), прадзеда вялікага кампазітара XX стагоддзя Дзмітрыя Шастаковіча (Дмитрий Дмитриевич Шостакович, 1906-1975), знаходзіцца адзін з двух захаваўшыхся на Беларусі арганаў вельмі шануемага ў Літве ковенскага майстра Яна Гаралевіча. Ён дайшоў да нас у крыху пераробленым выглядзе. Верагодна, яго рэгістры былі перастаўлены месцамі і ў ім былі перероблены трансмісіі. Аб гэтым сведчыць не зусім звычайнае размеркаванне рэгістраў Vox Ceolestis 8`  і Aeolina 8` і таксама сляды дэмантаванай трансмісіі ў штоках рэгістра Lieblich Gedackt 8`. На кафедры большасць шыльдаў зніклі, назвы пададзены па маркіроўцы труб і столікаў.
Звяртае на сябе ўвагу кампактнасць рэалізацыі гэтага інструмента: на хорах мала месца і невысокая столь. Гэта не дазволіла змясціць мех пад віндладай і сам інструмент займае значна меншую плошчу, чым аналагічныя па колькасці рэгістраў арганы. Ва ўнутранай прасторы эканомія адбываецца з‑за скарыстання двух рэгістраў без басовых дыяпазонаў.   Наверх

У аргане адсутнічае прамая капуляцыя II/Ped, але калі ўключаны дзве капуляцыі I/Ped і II/I, то з-за канструкцыйных асаблівасцяў іх рэалізацыі адбываецца і капуляцыя II/Ped.
У аргане няма матора і Шэметаўскі прыход акрамя графіка прыбірання касцёла мае яшчэ графік абавязку калькацыі аргана падчас імшы. Арган можна пачуць кожную нядзелю менавіта ў такой першапачатковай канфігурацыі – на ручной калькацыі. Звычайна на Беларусі адсутнасць арганнага матора з’яўляецца індзікатарам таго, што арган не выкарыстоўваецца. На Беларусі гэта адзіны вядомы прыход, які не адмаўляецца ад скарыстання інструмента і качае яго мяхі ўручную.

Наверх

 

Звесткі аб 124 арганах, існуючых на тэрыторыі Беларусі