Радовіч Іосіф

(Rodowicz Józef)

І. Радовіч нарадзіўся ў Куршах[28] каля 1835 года, і быў польскамоўным латышом. Арганабудаўніцтву ён вучыўся ў Лібаве[29] разам з вядомым латышскім арганабудаўніком Карлам Аляксандрам Германам (Carl Alexander Herrmann, 1847-1926) у майстэрні яго бацькі Паўла Отто Германа (Paul Otto Herrmann, 1807-1868). У 1860-я гады яго майстэрня размяшчалася ў Ілуксце[30]. Каля 1870 года Іосіф Радовіч пераехаў у Вільню, дзе заснаваў сваю майстэрню. Да сваёй смерці прыкладна ў 1908 годзе ён пабудаваў вялікую колькасць інструментаў: па некалькі арганаў у год. Як правіла металічныя трубы, клавіятуры і некаторыя механічныя часткі ён набываў у іншых вытворцаў. Арганы І. Радовіча выдзеляюцца сваёй простай канструкцыяй і заўжды будаваліся па канструкцыі шляйфлады. Дакладная колькасць пабудаваных І. Радовічам арганаў невядома, бо большасць з іх ананімны. У Літве захавалася каля 30 яго арганаў. Яго інструменты маюць розныя памеры: ад невялікіх пазітываў да 62- рэгістравага трохмануальнага аргана ў Каўнаскім Катэдральным касцёле, які напрацягу амаль 100 гадоў быў самым вялікім арганам Літвы. У Беларусі вядомыя наступныя яго працы: пабудова аргана ў Гродзенскім касцёле Св. Францішка Ксаверыя ў 1872 годзе (арган дэмантаваны ў 1921 годзе), перабудова барочных арганаў у Кемелішках і ў Гродзенскім Францішканскім касцёле. Адзіны нанава пабудаваны І. Радовічам арган 1898 года яшчэ нядаўна знаходзіўся ў вёсцы Асава і быў разабраны ў 2000-я гады. Таксама Іосіфу Радовічу, верагодна, могуць належыць арганы ў Суботніках і Навагрудскім падамініканскім касцёле.

Арганы, звязаныя з майстрам:

Кемелішкі, касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

Осава

Суботнікі

Навагрудак

 

Звесткі аб 124 арганах, існуючых на тэрыторыі Беларусі