Жырмуны

Касцёл Адшукання Святога Крыжа

Гродзенская вобласць, Воранаўскі раён

Гiсторыя касцёлаАрхiўныя звесткi | Арган | Фотаздымкi

12/I
невядомы майстар, паміж 1789 і 1796 гадамі
I Manual (C-с’’’)
Pryncypał 8 pedum *
Octava 4 pedum
Sancynał 8 pedum
Flet major 8 pedum
Quinta dena 8 pedum
Fletrowers 4 pedum
Jula 4 pedum
Flet minor 4 pedum
Quinta 3 pedum
Super octava 2 pedum
Wal flet 2 pedum
Mixtur trzy rzędy
Gwiazda z dzwonkami (Zimbelstern), Tympani**
Механічныя ігравая і рэгістравая трактура, шляйфлада
Складчаты мех, самаробны матор

* – частка труб рэгістра Pryncypał 8 pedum змяшчаецца на праспекце
** – 4 трубы

Першы касцёл у Жырмунах быў заснаваны ў 1437 г. па фундацыі Войцеха Кучука. Наступны драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1624 г. на сродкі ваяводы мсціслаўскага і віцебскага Яна Завішы (~1550-1626), і яго жонкі Ганны (з Трызнаў). Святыня была знішчана падчас вайны 1654–1667 гадоў. Новы касцёл у 1667-1673 гг. паўстаў дзякуючы намаганням кс. Мацея Шаркевіча на сродкі Алойзы Кунцэвіча. У 1788–1789 гадах па фундацыі генерал-лейтэнанта кавалерыі і маршалка Трыбуналу ВКЛ Станіслава Радзівіла (1722-1787) і яго жонкі Караліны (з Пацеяў) узведзены цяперашні драўляны храм у класіцыстычным стылі, паводле праекта архітэктара Яна Падчашынскага.   Наверх

Упершыню наяўнасць аргана ў Жырмунах занатавана ў інвентары 1731 года, дзе адзначаецца наяўнасць пазітыва ў добрым стане. У акце візітацыі 1740 адзначана, што на набажэнствах, якія адпраўляюцца ў вялікай урачыстасці, хору акампануе не толькі арган, але і музыкі на іншых інструментах. Вядома, што кс. Ян Кіневіч (Jan Kieniewicz), пробашч парафіі ў 1759-1786 гадах, набыў новы пазітыў на 8 рэгістраў за 250 злотых. У хуткім часе падчас пажару гэты пазітыў быў пашкоджаны, і ў 1782 годзе арганны майстар Павел Цэлле (Paweł Cell; сын арганабудаўніка Герхарда Арэндта Цэлле) рамантуе яго коштам 3 злотых. Гэты пазітыў існаваў яшчэ ў 1801 годзе, але ужо не выкарыстоўваўся, бо на той час існаваў новы арган, які з’явіўся ў касцёле паміж 1789 і 1796 гадамі, і рэшткі якога захаваліся да нашага часу.   Наверх

У акце візітацыі касцёла 1796 года ўпершыню адзначаецца наяўнасць новага аргана на 12 рэгістраў з эфектамі Zimbelstern і Tympani, чатырма мяхамі, коштам 3000 злотых, рэшткі якога дайшлі да нашых дзён. На той момант арган стаяў не на хорах, а на доле непасрэдна каля галоўных дзвярэй касцёла (справа па ўваходзе). Мяхі знаходзіліся ўверсе на хорах і зверху ўніз да аргана спускаўся воздухавод («паветраны канал з дошак»). Арган стаяў унізе, з той прычыны, што ён не змяшчаўся на хорах, пакуль не былі перароблены галоўныя дзверы і не перароблены хоры. Сляды гэтай перабудовы добра бачны на фасадзе касцёла і ў наш час. Таксама вядома, што арган быў грунтоўна адрамантаваны ў 1893 годзе.   Наверх

У 1930-х гадах аўтар гісторыі Жырмунскай парафіі занатоўвае, што інструмент знаходзіцца ў вельмі гаротным стане, але адначасова ўжо тады адзначае яго гістарычную каштоўнасць. Вядома, што ў міжваенны час парафія пачала збіраць грошы на новы арган, але з-за пабудовы новага буданыку плябаніі і эканамічнага крызісу збор грошаў не быў завершаны. Літоўскі даследчык Гірэнас Павіліёніс яшчэ ў 2005 годзе адзначыў аўтэнтычнасць большай часткі дэталяў аргана. Арган быў перабудаваны ў 2005-2006 гадах пробашчам парафіі ксяндзом Янам Пецюнам (гл. артыкул Осава). Ад гістарычнага аргана засталася арганная шафа, дэмантаваная клавіятура, рэгістровыя ручкі і адзінкавыя трубы. Перабудова не была скончана, арган не спраўны.

Наверх

 

Звесткі аб 124 арганах, існуючых на тэрыторыі Беларусі