Данюшава

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы

Гродзенская вобласць, Смаргонскі раён

Гiсторыя касцёла | Арган | Фотаздымкi

12/I/P
невядомы майстар, каля 1804
Мацкевіч, каля 1859
перанесены ў Данюшава невядомым майстрам, паміж 1884 і 1893
Wacław Biernacki, першая трэць XX ст.
літоўскія майстры, 1990-я
I Manual (C-f’’’)
Principal 8`
Flöte 8`
Gedackt 8`
Flöte 4`
[?]***
[?]***
[?]***
Pedal (C-e)*
[Bordun 16`]
[Flet major 8`]
[Trompet 8`] **
[?]***
[?]***
Механічная ігравая і рэгістравая трактура, шляйфлада
Самаробны матор і невялікі паплаўковы мех

* – дыяпазон педальнай віндлады складае 20 тонаў, але педальная клавіятура мае дыяпазон толькі 17 тонаў
** – захаваліся толькі рэшткі рэгістра Trompet 8`, на кафедры адсутнічае адпаведная яму ручка
*** – рэгістры адсутнічыюць, на кафедры адсутнічаюць ручкі

Касцёл у Данюшава быў заснаваны ў 1483 годзе тагачаснымі ўладальнікамі маёнтка Саковічамі. Наступны касцёл быў пабудаваны ў 1620 годзе па фундацыі вялікага гетмана літоўскага Яна Кішкі (1586–1654) і яго жонкі Крыстыны (з Друцкіх-Сакольскіх). У 1809 годзе на сродкі Марціна Кліманскага быў збудаваны сучасны касцёл з рысамі барока і класіцызму. У 1899–1902 гадах адбылася рэканструкцыя касцёла, якая надала яму рысы неаготыкі. У 1960-я гады касцёл быў зачынены і прыстасаваны пад збожжасховішча. Вернуты каталікам у канцы 1980-х гадоў.   Наверх

Арган, які зараз знаходзіцца ў Данюшаўскім касцёле, быў перанесены сюды паміж 1884 і 1893 гадамі з самай знакамітай каталіцкай святыні былога Вялікага княства Літоўскага – Астрабрамскай капліцы ў Вільні.

Арган быў пабудаваны невядомым майстрам у Вострай Браме незадоўга да 1804 года. Па захаваўшымся апісанням інструмент меў 6 рэгістраў, адзін мануал і два мяхі, і размяшчаўся ў дзвюх аднолькавых арганных шафах, якія былі змешчаны абапал алтара Маці Божай Астрабрамскай. Кафедра была ўбудавана ў правую шафу з боку праспекта.  У такім выглядзе ён праіснаваў прыкладна да 1859 года і патрапіў на малюнак Васіля Садоўнікава (літаграфія з якога была змешчана у «Альбоме Віленскім» С. Вільчынскага 1847 года) і літаграфію Антонія Алешчынскага. Таксама выява гэтага аргана захавалася на сцяне бакавой капліцы ў касцёле ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.   Наверх

Каля 1859 года арган быў перабудаваны арганным майстрам Мацкевічам[1]. Дзякуючы нататкам XIX стагоддзя тагачаснага даследчыка арганаў ксяндза Яна Галіча-Сулінскага (?–1900) вядома, што да аргана было дададзена 8 рэгістраў, чатыры з якіх – педальныя. Усе старыя і новыя мануальныя рэгістры былі змешчаны ў правай шафе, усе педальныя рэгістры – у левай. Кафедра была перанесена ў дальні ад алтара тарэц правай шафы. Кс. Галіч-Сулінскі занатаваў дыспазіцыю гэтага інструмента:

Manual
Holmand 8`
Flet major 8`
Cornet 8`
Trompet 8`
Pryncypal 4`
Octava 4`
Flet minor 4`
Jula 4`
Quinta 3`
Sedecima 2`
Pedal
Bordun 16`
Flet major 8`
Gamba 8`
Trompet 8`

Праўдападобна (зыходзячы з захаваўшыхся віндлад), у гэтым апісанні кс. Ян Галіч-Сулінскі зрабіў некалькі недакладнасцяў. Так, у мануале хутчэй за ўсё адсутнічаў рэгістр Trompet 8`; верагодна, Pryncypal, калі ён быў, то меў 8 футаў; Cornet 8` з’яўляўся наборным рэгістрам; усяго ў мануале было 7 рэгістраў. У педалі прапушчаны адзін рэгістр, праўдападобна Pryncypal 8`.   Наверх

Гэты перабудаваны арган можна пабачыць на літаграфіі другой паловы XIX стагоддзя. Ён размяшчаўся ў Астрабрамскай капліцы да 1884 года[2].

Ужо ў 1893 годзе ў інвентары Данюшаўскага касцёла адзначаецца наяўнасць аргана з віленскай Вострай брамы. Застаецца невядомым, хто ажыццявіў яго перанос у перыяд з 1884 па 1893 год. У часы Першай Сусветнай вайны ў касцёле размяшчаўся нямецкі шпіталь і арган быў пашкоджаны. У каталогу фірмы В. Бярнацкага 1920-х гадоў сярод выкананых прац пазначаецца Данюшава, што, верагодна, азначае грунтоўны рамонт аргана. Падчас закрыцця касцёла ў савецкі перыяд арган быў разабраны, а пасля вяртання касцёла вернікам арган быў сабраны літоўскімі майстрамі з дадаткам некаторых частак.   Наверх

Дзве шафы, якія раней размяшчаліся абапал алтара, былі аб’яднаны ў адну з дадаткам секцыі паміж імі. На праспекце граючыя трубы былі заменены драўлянай імітацыяй. Бакавыя секцыі труб заменены драўлянымі рашоткамі. Віндлады і частка труб належаць старому аргану. Мануальная віндлада разлічана на 7 рэгістраў, педальная – на 5 рэгістраў. На задняй сцяне арганнай шафы захаваўся аўтограф: O.Bauch 7.8.1872. Арган знаходзіцца ў некамплектным стане і выкарыстоўваецца парафіяй некалькі разоў на год.

[1]

У 1859 годзе Мацкевіч перабудоўвае таксама арган у Віленскім касцёле Кармелітаў босых Св. Тэрэзы пры Вострай Браме

[2]

У 1884 годзе Фларыян Астрамецкі з Гродна пабудаваў замест яго новы 6- рэгістравы арган з адным мануалам і педаллю. Гэты інструмент можна пабачыць на шэрагу фотаздымкаў канца XIX ст. – пачатку XXст. Ён праіснаваў да грунтоўнай перабудовы капліцы 1927-1932 гадоў, калі замест гэтага аргана былі змешчаны panneaux для вотаў. У 1932 годзе ў галерэі, якая вядзе да капліцы, Вацлаў Бярнацкі збудаваў новы арган, які захаваўся да нашага часу. У самой Астрабрамскай капліцы арган больш не будавалі.

Наверх

 

Звесткі аб 124 арганах, існуючых на тэрыторыі Беларусі