Вайцэховіч Петр

Wojciechowicz Piotr

Арганабудаўнік пачатку XX стагоддзя, пра дзейнасць якога захаваліся толькі ўскосныя звесткі. Першыя датаваныя звесткі пра яго паходзяць з 1902 года, калі ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і Св. Мікалая ў Бельску[14]  П. Вайцэховіч з Вільні перабудаваў арган, кошт перабудовы склаў 1500 рублёў. Гэта адзіны вядомы яго арган па-за межамі Беларусі. Самы вялікі яго арган у Нясвіжы мае аўтограф, зроблены алоўкам. Другі па велічыні арган, у Мядзведзічах, дакладна занатаваны ў інвентары касцёла разам з імем майстра. Верагодна яго арганы існуюць у Рэспубліцы Літва, але яны пакуль не ідэнтыфікаваны. Яго арганы вылучаюцца сярод іншых па асаблівых рысах арганабудаўніцтва, якія сустракаюцца ў яго інструментах: характэрны почырк на драўляных трубах, спецыфічны механізм калькацыі (кола з хвалістымі спіцамі і перадатачны механізм з рамнём), наяўнасць кампенсацыйнага меха і іншыя больш дробныя рысы. Яшчэ адной характэрнай рысай арганаў П. Вайцэховіча з’яўляецца іх ананімнасць: ніводны інструмент не меў фірменай шыльды альбо подпісу, за выключэннем аргана ў Нясвіжы, які падпісаны на адной з драўляных бэлек унутры аргана. Арганы П. Вайцэховіча зроблены без эканоміі, якую можна сустрэць у іншых майстроў: адсутнасць трансмісій, шырокамензурныя педальныя рэгістры, паўнаразмерныя 16-футавыя рэгістры, вялікая доля скарыстання арганнага металу замест цынка, нізкія мікстуры, кампенсацыйны мех – усе гэта робіць яго арганы вельмі якаснымі.

Арганы, звязаныя з майстрам:

Будслаў

Нясвіж

Мядзведзічы

Каменка

Ваўкалата

Белагруда

Новы Двор

Індура

 

Звесткі аб 124 арганах, існуючых на тэрыторыі Беларусі