Бярнацкія, браты Дамінік і Вацлаў

Дамінік Бярнацкі (Dominik Biernacki, 1870–1928) з’яўляецца самым вядомым вытворцай арганаў у Польшчы першай паловы XX стагоддзя. Ён нарадзіўся ў сям’і арганабудаўніка Эрнста Хуго Бярнацкага (Ernst Hugo Biernacki, 1830–1884), які працаваў у Осеку[2]. Даследчыкі лічаць, што рана асірацеўшы Дамінік Бярнацкі мог вучыцца арганабудаўніцтву на фабрыцы Вацлава Пшыбіловіча (Julian Wacław Przybyłowicz) у Плоцку[3]. Прыкладна ў 1896 годзе ён адкрывае ўласную фабрыку ў Добжыню над Віслай[4], але ў сваёй рэкламе 1897 года ён піша пра 38-гадовую традыцыю арганабудаўніцтва, далучаючы да яе дзейнасць свайго бацькі, які пачаў самастойную працу ў 1860-я гады. У 1899 годзе Дамінік Бярнацкі набыў фабрыку ў Вацлава Пшыбіловіча ў Плоцку і далей у сваёй рэкламе падае ўжо 1848 год, як пачатак сваёй дзейнасці, што адпавядае пачатку самастойнай дзейнасці Вацлава Пшыбіловіча. Філіял у Плоцку праіснаваў нядоўга – да 1902 года. У 1905 годзе Дамінік Бярнацкі адкрыў філіял сваёй фабрыкі на Валыні ў Луцку[5], якім стаў кіраваць яго малодшы брат Вацлаў Бярнацкі (WacławBiernacki, 1878–1954). Даследчыкі лічыць, што Вацлаў Бярнацкі вучыўся арганабудаўніцтву на прадпрыемстве свайго старэйшага брата і/альбо ў Львоўскага майстра Яна Слівінскага (1844–1903). У 1907 годзе паміж братамі здарыўся вялікі канфлікт, які прывёў да закрыцця Луцкага філіяла, адкрыцця Вацлавам Бярнацкім сваёй фабрыкі ў Вільні і жорсткай канкурэнцыі паміж братамі. У сваіх каталогах Вацлаў Бярнацкі нідзе не узгадваў фабрыку брата, не заўважаў, што гэта існуючая фабрыка Дамініка успадкаёміла вытворчасць В. Пшыбіловіча, а падаваў 1848 год, як пачатак дзейнасці менавіта яго фабрыкі. Дамінік у сваіх каталогах нічога не пісаў пра існаваўшы пэўны час філіял у Луцку і фабрыку Вацлава. Адзін брат стараўся будаваць арганы на тэрыторыі ўплыву другога: так Дамінік збудаваў шэраг арганаў каля Вільні, а Вацлаў актыўна прасоўваўся на польскі арганабудаўнічы рынак, які адкрыўся для яго пасля Першай сусветнай вайны.

Фабрыка Дамініка Бярнацкага стала найбуйнейшай фабрыкай у Польшчы, дзе арганы вырабляліся з прамысловым падыходам. На яго фабрыцы працавала да 30 чалавек, меўся паравы рухавік на 8 конскіх сіл[6]. Ён першы у Польшчы (у 1908 годзе) пачаў эксперыменты з пнеўматычный трактурай, набываючы пнеўматычныя кафедры на фірме August Laukhuff. Арганы яго фабрыкі пастаўляліся па усім абшары еўрапескай часткі Расійскай Імперыі. Яго арган стаяў у рэзідэнцыі Расійскага Імператара ў Царскім Сяле[7] за што (верагодна) ён атрымаў тытул «Поставщик Двора Его Императорского Величества». На тэрыторыі Беларусі, акрамя захаваўшагася аргана ў Трабах, да 1908 года ім былі пабудаваны арганы ў Клецку і Гомелі. У 1914 годзе Дамінік Бярнацкі перанёс сваю фабрыку ў Улацлавак[8]. Пасля смерці Дамініка Бярнацкага ў 1928 годзе яго фабрыка перайшла да яго сыноў Вацлава II (1901–1954) і Дамініка II (1906–1970). Браты адмовіліся супрацоўнічаць з фабрыкай Вацлава Бярнацкага і хутка, у 1931 годзе, прадпрыемства праз агульны эканамічны спад прыйшло ў заняпад. Яго выкупіў зяць Дамініка Бярнацкага – Стэфан Трушчынскі (Stefan Truszczyński, 1892–1966) у 1935 годзе. Фабрыка праіснавала да 1940 года, пакуль не была ліквідавана нямецкімі акупацыйнымі уладамі.

Фабрыка Вацлава Бярнацкага стала найбуйнейшай арганнай вытворчасцю на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края Расійскай Імперый. У 1919 годзе Вацлаў Бярнацкі заснаваў філіял у Варшаве і яго прадпрыемтсва атрымала назву Fabryka Organów Wacław Biernacki. Warszawa – Wilno.  Пасля Першай сусветнай вайны Віленскай фабрыкай кіраваў яго пляменнік Раман Трушчынскі (Roman Truszczyński), чый аўтограф захаваўся ў аргане ў Трабах. У 1934 годзе ў партнёрства фабрыкай увайшоў Вацлаў II. У 1938 годзе Вацлавам Бярнацкім была выкуплена збанкроціўшаяся фабрыка Adolf Homan i Stanisław JezierskiУ Другую сусветную вайну ўсе прадпрыемствы былі знішчаны. Пасля вайны Вацлаў Бярнацкі адрадзіў прадпрыемства ў Кракаве, а Вацлаў II у Варшаве. Пасля смерці Вацлава Бярнацкага ў 1954 годзе яго фабрыкай кіраваў Уладзімір Трушчынскі (сын  Стэфана Трушчынскі), які выкупіў яе ў 1965 годзе і будаваў арганы пад сваім імем. Варшаўская фабрыка Вацлава II у 1960 годзе перайшла да Дамініка II, а пасля яго смерці ў 1970 годзе – да яго сястры Аляксандры (Aleksandra Biernacka-Grandys). Абедзве фабрыкі спынілі існаванне ў 1990-х гадах. За час свайго існавання фабрыка Вацлава Бярнацкага пабудавала сотні арганаў.

Арганы, звязаныя з майстрамi:

Гродна, Катэдра

Адэльск

Парэчча

Мураваная Ашмянка

Воўпа

Данюшава

Трабы

Рубяжэвічы

Вялікая Бераставіца

Краснае

Задарожжа

Дзятлава

Вялікія Эйсманты

Нача

Ішчална

Мосар

Лунна

Пінск

Макараўцы

Жалудок

Лынтупы

Шылавічы

Нестанішкі

Крупава

Крамяніца

Баранавічы

 

Звесткі аб 124 арганах, існуючых на тэрыторыі Беларусі